РОЎ Я́НА І ЦЭЦЫ́ЛІІ,
эразійная лагчына, геолага-геамарфалагічны і палеанталагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1998). Размешчаны каля зах. ускраіны в. Багатырэвічы Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл. Даўж. 700 м, шыр. да 100 м, глыб. да 10 м, пл. 0,3 км². Лагчына ўтварылася пры размыве азёрна-ледавіковай нізіны за 14 тыс. гадоў. Мае звілістую форму. Уключае помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963) Самастрэльнікі — апорнае геал. агаленне стараж. азёрных і балотных адкладаў муравінскага міжледавікоўя. Адклады (магутнасць 3,3 м) багатыя на рэшткі выкапнёвай флоры (больш за 100 відаў), што існавала каля 100 тыс. г. назад. На паверхні зах. схілу, паводле падання, знаходзяцца магілы герояў рамана Э.Ажэшкі «Над Нёманам» Яна і Цэцыліі.
В.Ф.Вінакураў.
т. 13, с. 413
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)